Круглы стол, прысвечаны памяці ўдзельнікаў вайны ў Афганістане

16 лютага у чытальнай зале корпуса №2 універсітэта адбыўся круглы стол, прысвечаны чарговай гадавіне сканчэння вайны ў Афганістане і памяці ўдзельнікаў гэтага канфлікту.

Мерапрыемства было арганізаванае кафедрай філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, яго мадэратарам з’яўляўся асістэнт дадзенай кафедры Павел Леанідавіч Ждановіч, а удзельнікамі сталі студэнты 1-га курса факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый. З прывітальным словам да ўсіх прысутных звярнуўся дэкан факультэта кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станіслаў Чаропка, які нагадаў аб актуальнасці аб’ектыўнага гістарычнага погляду на падзеі вайны ў Афганістане і неабходнасці яе далейшага навуковага вывучэння. Загадчык кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін кандыдат гістарычных навук, дацэнт Сяргей Верамееў у сваім кароткім выступленні звярнуў увагу на той факт, што на шэрагу будынкаў Гомеля ўсталяваны мемарыяльныя дошкі ў гонар удзельнікаў вайны ў Афганістане, а таксама падкрэсліў важнасць захавання сведчанняў яе удзельнікаў. Ганаровым госцем на мерапрыемстве быў старшыня Гомельскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. Ён падзяліўся з прысутнымі сваім досведам удзелу ў баявых дзеяннях, поглядамі на значэнне той вайны, а потым адказаў на пытанні прысутных.

Загадчык кафедры філасофіі і спецыяльных гістарычных

дысцыплін Сяргей Верамееў